СМАЛЕ́НСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і РСФСР у 1708—1929. Цэнтр — г. Смаленск. Смаленская зямля (гл. Смаленскае княства) далучана да Расіі ў выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1686 утворана Смаленскае ваяводства, у 1708 — С.г.; у 1719 скасавана, з часткі яе ўтворана Смаленская правінцыя Рыжскай губ. У 1726 С.г. адноўлена, падзялялася на паветы: Вяземскі, Гжацкі, Дарагабужскі, Ельнінскі, Касплянскі, Краснінскі, Парэцкі, Рослаўскі, Рупасоўскі, Смаленскі і Сычоўскі. У 1776 перайменавана ў Смаленскае намесніцтва. У 1796 С.г. адноўлена, падзялялася на 9 паветаў: Бельскі, Вяземскі, Гжацкі, Дарагабужскі, Парэцкі, Рослаўскі, Смаленскі, Сычоўскі, Юхнаўскі. У 1897 у С.г. насельніцтва 1 551 068 чал., пл. 49 212,2 кв. вярсты. З 1918 С.г. ў складзе БССР (акрамя Вяземскага, Гжацкага, Сычоўскага і Юхнаўскага пав.). Паводле пастаноў НКУС РСФСР ад 11.7.1919 да С.г. далучаны Мсціслаўскі пав. Гомельскай губ., ад 26.9.1919—4 воласці (Любавіцкая, Мікулінская, Руднянская і Хлыстоўская) Аршанскага пав. Віцебскай губ., паводле пастановы ВЦВК ад 27.7.1922 — Горацкі пав. Гомельскай губ. (акрамя Нічыпаравіцкай вол.). Паводле пастановы ЦВК СССР ад 7.3.1924 Горацкі і Мсціслаўскі пав. вернуты ў склад БССР. У 1929 С.г. скасавана ў сувязі з раянаваннем і ўтварэннем Зах. вобласці.
т. 15, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)